english |
|
|
|
||||||||||
|
| |
|
|
![]() Adam Fuss. Без назвы. 1988. ~135х128 см |
Фатаграфія -- гэта дыялог паміж прыродным
і непрыродным. Спароджаная ў камеры-абскуры, відазмененая ў фатаграме
і нарэшце ўдасканаленая ў хімічным працэсе, фатаграфія пераадолела шлях
ад чагосьці фенаменальнага да навуковага. Сёння можна знайсці такіх мастакоў,
чые работы нагадваюць нам, што фатаграфія ў аднолькавай ступені цэніцца
як за сваю магчымасць "браць у палон" рэальнасць, так і пераступаць межы
гэтай рэальнасці. |
![]() Adam Fuss. Каханне. 1992 |
Усведамленне гэтай фундаментальнай
шызафрэнічнай якасці фатаграфіі вельмі дарэчнае, калі спрабуеш асэнсаваць
творчасць Адама Фаса (Adam Fuss), мастака, які аспрэчвае традыцыйныя азначэнні
гэтага выяўленчага сродку. Фас нарадзіўся ў Англіі ў 1961 годзе, рос у
Лондане і Сіднеі (Аўстралія), а цяпер жыве і працуе ў Нью-Йорку. У 1985
годзе ён выставіў першыя вынікі сваёй "фатаграфічнай адысеі, падчас якой
ставіўся да фотакамеры з відавочнай зняважлівасцю". У адрозненне ад многіх
сваіх сучаснікаў, якія працуюць з тэхнікай нашых часоў, Фас устрымаўся
ад працы з З5-міліметровай камерай і палічыў за лепшае вярнуцца да вытокаў
фатаграфіі і карыстацца бязлінзавай (дзіркавай) камерай -- адным з самых
ранніх прыстасаванняў, распрацаваных для запісу выяў. |
Adam Fuss. Фрагменты кахання. 1992. |
Фас выкарыстоўваў бязлінзавую камеру,
каб "адмовіцца ад фатаграфіі, але ўсё ж такі заставацца з ёй". Творчасць
Фаса робіць фатаграфію партнёрам гісторыі. Ягоныя выявы скульптурных кампазіцый
вылучаюцца нейкай прывіднасцю, нематэрыяльнасцю, што нагадвае нам пра
іншы час, іншую эпоху. Гэта, у прыватнасці, вынік механікі самой бязлінзавай
камеры. Але гэтыя выявы ўзвышаюць вартасці, непадобныя да тых, што ўласцівыя
здымкам іншых фатографаў. Паколькі час, неабходны для рэгістрацыі выявы
ў дзіркавай камеры, патрабуе больш доўгага экспанавання, фатаграфіі Фаса
з'яўляюцца абсалютнай супрацьлегласцю "вырашальнаму моманту" здымкаў Карцье-Брэсона
(Cartier-Bresson). Гэтыя выявы распавядаюць нам не пра "захоп у палон"
асобнага моманту, а хутчэй пра зацяжныя, працяглыя адрэзкі часу, пра час,
які рухаецца павольна. |
|
Фас, акрамя таго, дыстанцыруецца і
ад многіх сучасных фатографаў-традыцыяналістаў. Ягоныя фотаадбіткі -- унікумы,
што зноў жа вынікае з прыроды бязлінзавай фатаграфіі. Выбіраючы працу
з бязлінзавай камерай, Фас свядома адмаўляецца ад удзелу ў масавым рэпрадуктаванні
выяў, якое ўласціва як сучаснай фатаграфіі, так і поп-арту. |
![]() Adam Fuss. Без назвы. 1992. |
Пачынаючы з 1988 года, Фас займаецца
даследаваннем святла і колеру як абстрактных субстанцый. Гэтыя выявы маюць
вялікія памеры: пераважна 75х100 см, а часам нават і 125х165 см. Хоць
гэтыя работы і не выкананыя ў такім манументальным маштабе, якім адрозніваюцца
сучасныя творы некаторых нямецкіх мастакоў, што працуюць з фатаграфіяй,
усё ж такі яны дэкларуюць пэўны зрух у бок ад параўнальна інтымных па
прапорцыях выяў з традыцыйных бязлінзавых камер. Гэтае ўражанне ўзмацняецца
радыяльнай кампазіцыяй, накіраванай вонкі, замест тыповага абмежавання
параметраў бязлінзавых выяў. Хоць дзіркавая камера стварае глыбокія паўцені,
выявы Фаса вылучаюцца выбухам святла. |
![]() Adam Fuss. Без назвы. 1992. |
У інтэрв'ю, якое Фас даў Росу Блэкнеру
(Ross Bleckner) у 1992 годзе, ён так тлумачыць ролю святла ў сваіх выявах:
"Святло -- гэта фізічнае адчуванне. Калі разглядаць святло ў чыста фізічным
сэнсе, то гэта часціцы, якія паводзяць сябе як хваля, або хваля, якая
паводзіць сябе як часціцы. Ніхто дакладна не ведае, што гэта на самай
справе. Святло распаўсюджваецца вельмі хутка. Яно павінна неяк уплываць
на нашае ўспрыманне часу... Калі працуеш над ідэяй святла, то працуеш
з метафарай чагосьці бясконцага, велізарнага, нявызначанага, неабмежаванага.
Паколькі гаворка ідзе пра нешта разумовае, амаль абстрактнае, то, вядома,
мы можам думаць пра гэта, але наўрад ці мы здолеем гэта ўразумець. Святло
сонца сімвалізуе сабой жыццё на Зямлі. Святло ўвасабляе сабой тую энергію,
якая застаецца пасля нашага існавання..." |
| |
На пачатку 90-ых гадоў Фас стварыў
серыю біялагічных фотаэцюдаў, якія выкліканы да жыцця і напоўнены адчуваннем
іх адухоўленасці. Размешчаныя на паперы расліны і кветкі -- узаемадзеянне
арганічнага і неарганічнага -- успрымаюцца як нейкае вітражнае акно. У
той жа самы час Фас выконваў і серыю фатаграм з вітражным шклом. Сувязь
тут відавочная і наўмысная. Хоць такія здымкі, якія прачытваюцца адназначна,
літаральна, прайграюць у параўнанні з больш метафарычнымі. Сапраўдная
тайна хаваецца ў выявах раслін, якія пульсуюць жыццём. Фатаграфіі каляровага
шкла пазбаўлены свайго арыгінальнага кантэксту і сэнсу, і ў выніку гэтага
яны не набываюць новага ўзроўню значэнняў у адрозненне ад выяў з батанічнымі
аб'ектамі. |
![]() Adam Fuss. Без назвы. 1992. |
Зварот Фаса да старадаўніх працэсаў
стварэння фотавыяў наводзіць на думку пра іх блізкасць з праблематыкай
ранняга перыяду фатаграфіі. Аднак на самай справе дзеянні спрашчэння і
абстрагавання злучаюць Фаса з мастакамі абстрактнага экспрэсіянізму або
нават з мінімалістамі. Праца з бязлінзавай дзіркавай камерай або ў тэхніцы
фатаграмы з'яўляецца выклікам механістычнай прыродзе сучаснага грамадства.
У руках Фаса гэтыя дасягненні індустрыяльнай рэвалюцыі служаць таму, каб
разбурыць спадчыннасць тых часоў, робячы націск на фенаменальнае, а не
на навуковую дакладнасць. |
![]() Adam Fuss. Без назвы. 1992. |
Няцяжка было б знайсці доказы таго,
што Фас можа лічыцца духоўным пераемнікам фатографаў-піктарыялістаў канца
ХІХ і пачатку ХХ стст., чые рамантычныя выявы ствараліся, каб выклікаць
падобныя эмоцыі. Фатографы кшталту Стыгліца (Stieglitz), Дубрэя (Dubreuil),
Фрэдэрыка Эванса (Frederick Evans) і інш. перанакіравалі фокус фатаграфіі
з рэпрэзентацыі рэчаіснасці ў бок выяўлення індывідуалістычнага. Яны былі
сярод першых, хто свядома ўздзейнічаў з дапамогай розных маніпуляцый на
адбітак. Іх творы былі прызначаны для таго, каб стымуляваць пачуццёвыя
перажыванні і прымяншаць значнасць рэгістравальнай функцыі фатаграфіі.
І ўсё ж фундаментальная розніца паміж работамі Фаса і піктарыялістаў існуе.
Здымкі Фаса спрацоўваюць найбольш паспяхова, калі яны цалкам абстрагаваныя,
адчужаныя ад свайго сапраўднага змесціва. Піктарыялісты ўсё ж заставаліся
ў залежнасці ад ступені распазнавання аб'екта здымкаў. Фас не стварае
вобраза змяі, што паўзе па фотаадбітку. Ён паведамляе нам пра тое, як
зроблены здымак, а не пра што ён. Фас быццам бы чарадзей, які, раскрываючы
сакрэт фокуса, паказвае яго механіку, а не саму магію. |
![]() Adam Fuss. Без назвы. 2000. |
|
| |
|
|